Навіны

На галоўную

ХГД афіцыйна спыняе існаванне

Аб'яднанне, створанае для аказання хуткай дапамогі, будзе перафарматавана ў іншую пляцоўку.

Практыка такая, што кааліцыя Хуткай Гуманітарнай Дапамогі перастала быць Кааліцыяй ужо больш за паўгода таму.

Пасля шэрагу фактаў, што выявіліся ў рамках працы ByHelp, стала відавочна, што мэты стварэння і ўдзелу ў аб’яднанні арганізацый у шэрагу ўдзельнікаў істотна адрозніваліся. Нам давялося вытрымаць гэтую працяглую паўзу, каб атрымаць бесспрэчныя доказы парушэнняў бяспекі і празрыстасці працы ByHelp.

І пакуль мы чакалі вынікаў разбіральніцтва, якое праводзіў Нарвежскі Хельсінкскі Камітэт у рамках працы Міжнароднага Гуманітарнага Фонду, разбіралі наступствы і працавалі над удасканаленнем унутраных працэсаў, адбылася новая падзея: беларускае грамадзянскае грамадства ўбачыла шакавальныя выпадкі дамаганняў з боку чарговага ўдзельніка нашай кааліцыі — ключавой фігуры BYSOL. Мы зноў чакалі завяршэння расследавання, якое BYSOL абавязаўся правесці адносна Андрэя Стрыжака.

Мы зыходзілі з таго, што адзіным правільным рашэннем для арганізацыі было б спыненне супрацоўніцтва з ім. Тым не менш, увесь працэс расследавання заставаўся ад нас схаваны, нягледзячы на нашыя шматразовыя прапановы ўдзелу ў ім у якасці старонніх назіральнікаў з мэтай аднаўлення даверу. Канчатковым фактарам, які выключыў магчымасць прафесійных узаемаадносін з BYSOL, стаў працэс прыняцця рашэння па выніках расследавання і працяг працы арганізацыі з Андрэем Стрыжаком.

Можна дакладна сказаць, што за апошнія паўгода мы перажылі мноства складаных камунікацый і прынялі шэраг прынцыповых рашэнняў. Але цяпер мы бачым, што прыказка "што ні робіцца — да лепшага" абсалютна праўдзівая. Выявіліся тыя парушэнні ў працы ByHelp, якія каштавалі волі шэрагу людзей. Былі выкрытыя тыя грубыя парушэнні этыкі і прынцыпаў аказання гуманітарнай дапамогі, што стваралі небяспечную атмасферу для жанчын з боку Андрэя Стрыжака. Мы зрабілі свае высновы і рухаемся далей, упэўненыя ў тым, што супольнасць здольная пераадольваць уласныя хваробы.

Мы не бачым ніякіх магчымасцяў для працягнення супрацоўніцтва з ByHelp і BYSOL як у рамках кааліцыі, так і ў рамках нашых асобных арганізацый, а таму заяўляем, што кааліцыя Хуткай Гуманітарнай Дапамогі афіцыйна спыняе сваё існаванне, а наш інфармацыйны рэсурс будзе пераўтварацца ў адкрытую прастору для гуманітарных і праваабарончых арганізацый, у межах якой мы зможам наладжваць узаемадзеянне і каардынаваць намаганні ў напрамку дапамогі і падтрымкі палітвязняў Беларусі, а таксама ўсіх пацярпелых ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі.