Навіны
Патрабуем спыніць пераслед і экстрадыцыю беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта
Служба Хуткай Гуманітарнай Дапамогі падтрымлівае патрабаванні праваабарочных арганізацый да ўладаў Сербіі і міжнароднай супольнасці, і патрабуе прыпыніць экстрадыцыю і вызваліць з-пад варты Андрэя Гнёта
Андрэй Гнёт, беларускі кінарэжысёр і актывіст, быў затрыманы сербскімі ўладамі 30 кастрычніка 2023 года па ордэры Інтэрпола, што быў выдадзены на запыт Беларусі. Яго абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Калі ўлічваць практыку, што існуе ў Беларусі, гэта можа быць расцэнена як палітычны пераслед. Падставай для прад'яўлення палітычна матываваных крымінальных абвінавачанняў можа быць тое, што Андрэй Гнёт - адзін з сузаснавальнікаў Свабоднага аб'яднання спартсменаў Беларусі SOS BY, што прызнана беларускімі ўладамі экстрэмісцкім фарміраваннем. Экстрадыцыя Андрэя Гнёта пацягне адразу ж яго арышт і катаванні на тэрыторыі Беларусі.
31 траўня 2024 года Вышэйшы суд у Бялградзе пастанавіў, што патрабаванне выдаць Андрэя Гнёта беларускім праваахоўным органам законнае і мусіць быць ухваленае. 18 чэрвеня была пададзена апеляцыя. На 28 чэрвеня 2024 Андрэй Гнёт знаходзіцца пад хатнім арыштам у Сербіі.
Са жніўня 2020 года і па сёння праваабаронцы фіксуюць маштабнае прымяненне гвалту, катаванняў, выкарыстанне зброі адносна грамадзян Беларусі. Нягледзячы на тое, што Беларусь ратыфікавала Канвенцыю супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання, ўзятыя на сябе міжнародныя абавязкі рэжым не выконвае. Больш за тое, ён іх адкрыта парушае. Паводле пацверджаных звестак, у выніку прымянення сілавымі структурамі фізічнага, псіхалагічнага гвалту або зброі загінулі, як мінімум, 5 чалавек (Аляксандр Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў, Раман Бандарэнка, Дзмітрый Стахоўскі і Андрэй Зельцар). Яшчэ вядома пра 6 чалавек, якія загінулі ў месцах пазбаўлення волі.
Паводле супольных звестак праваабаронцаў, на 1 ліпеня 2024 года узбуджана 6462 крымінальныя справы з палітычных матываў у дачыненні да жыхароў Беларусі.
У абарону Андрэя Гнёта выказалася міжнародная арганізацыя Amnesty International, а таксама праваабарончыя арганізацыі: Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Еўрапейская біржа, Інстытут па правах чалавека Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў (IBAHRI), Італьянская федэрацыя па правах чалавека (FIDU), Фонд "Дом правоў чалавека" (HRHF), Ліберэка, Германія Ліберэка, Швейцарыя, Нарвежскі Хельсінкскі Камітэт, Оstgruppen, People in Need, Respect-Protect-Fulfill, Праваабарончы цэнтр "Вясна", Беларускі ПЭН.
Служба Хуткай Гуманітарнай дапамогі падтрымлівае патрабаванні праваабарочных арганізацый да ўладаў Сербіі і міжнароднай супольнасці, і патрабуе прыпыніць экстрадыцыю і вызваліць з-пад варты Андрэя Гнёта.
Арганізацыі, якія падтрымліваюць патрабаванні:
-
Платформа падтрымкі палітвязняў Politzek.me